| Маленькi старажытны лiцьвiн сядзеў на пагорку i назiраў за чыгункай. У доўгай будынiне нешта грукала, уздоўж рэльсаў iшлi двое чыгуначнiкаў у памаранчавых камiзэльках, свяцiла сонейка, гулi нейкiя мухi ды лётала павуцiньне. Пакуль яшчэ далёка пачуўся гудок цеплавозу. I вось праз колькi секунд стала добра чуваць стукат колаў, i сам цягнiк паказаўся з-за павароту. Маленькаму старажытнаму лiцьвiну падумалася, што ёсьць такiя рамантыкi, што ўсё сваё жыццё зьвязалi з чыгункай. А потым ён зразумеў, што i сам цягнiк падобны на чалавечае жыццё: вось навюткi блiскучы цеплавоз з шматлiкiмi цыферблатамi, рычажкамi ды кнопачкамi ў кабiне – цацачка! Потым вагоны: адзiн, другi, трэцi. Iх можна лiчыць, пакуль яны мiльгаюць перад табой, хоць у гэтым i няма анiякага сэнсу. Некаторыя нiбы сьвяточныя – размаляваныя, з прыгожымi фiранкамi, але большасьць – аднолькава-зялёныя i маркотныя. У хвасьце цягнулiся старэйшыя вагоны, каб лягчэй было адчапiць, калi што якое. Фарбы на iх зрабiлiся цьмянымi, а пыл, здаецца, прыставаў да iх нашмат лягчэй i спрытней, чым на першыя вагоны. Цягнiк пранёсься, адгрутакатаў, пасьвiстаў на разьвiтаньне i яго ня стала анi бачна, анi чутна. Зноў загулi мухi, працягнулi свой шлях чыгуначнiкi, чарговы раз нешта металiчна ляпнула ў тым доўгiм будынку, а маленькi старажытны лiцьвiн усё сядзеў, гледзячы ўдалячынь, нiбы спазнаў нешта вельмi важнае. | |
|
| Маленькага старажытнага ліцьвіна паклікалі есьці вялікую ягаду. Ну, ведаеце: салодкі, цукравы на смак, называецца кавун. У садзе пад яблыняй паставілі на стале адну вялізную талерку, сподачкі кожнаму, сурвэткі. - Нясі, - крычаць, - кавун. Ну, маленькі старажытны ліцьвін і панёс. Нясе, ледзь ногі перастаўляе. Цяжкі кавун. Ці не такі ж цяжкі, як сам ліцьвін. І тут пад нагу каменьчык трапіўся. Круглы такі каменьчык... Праехалася па ім падэшва ад мыска да пяткі, і маленькі старажытны ліцьвін так і кульнуўся на спіну, а кавун яго зверху прыціснуў. - Э-э-э, - думае маленькі старажытны ліцьвін, ледзь дыхаючы, - гэта ж калі я яго зьем, мне прыйдзецца увесь гэты цяжар у жываце насіць. Ды на халеру мне такое шчасьце! І не стаў есьці кавун. І правільна, бо прысмакі, яны такія. | |
|
| Маленькі старажытны ліцьвін быў вельмі непаслухмяны. Яму кажуць: "Бяры шарыкавую аўтаручку і пішы", а ён усё сваёй асадкай нешта крэмзае. Ну што зь ім будзеш рабіць? | |
|
| Жыў неяк на сьвеце маленькі старажытны ліцьвін. Чаму ён быў ліцьвінам - зразумела, а вось чаму маленькі й чаму старажытны - халера яго ведае. І вось калупаўся гэты старажытны маленькі ліцьвін у глебе, выкалупваў палкай-капалкай бульбу і раптам падумаў (а што ж яшчэ галаве рабіць, калі рукі працуюць): а ці не вынайсьці капач які, ці рыдлёўку, а то і проста лапату. Сказана - зроблена. Хай сабе і не ў голас сказана, але ж маленькія старажытныя ліцьвіны слова трымалі цьвёрда, хоць прамоўленае, хоць прадуманае. Сеў маленькі старажытны ліцьвін сярод бульбянога поля і вынайшаў капач, вілы, бульбяныя вілы, ну і шуфлю яшчэ да ўсяго. Відаць, ня дурань ён быў: столькі добрых прыладаў навыдумляў! Мы і зараз імі карыстаемся й радуемся. Так ад аднаго маленькага старажытнага ліцьвіна пайшоў у сьвет прагрэс.
P.S. А калайдэр ужо не маленькі старажытны ліцьвін вынайшаў. | |
|
| |